ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

дзяржаўная арганізацыя, якая забяспечвае гаспадарку і насельніцтва метэаралагічнай, гідралагічнай і аграметэаралагічнай інфармацыяй (стан надвор’я, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, прагнозы надвор’я і інш.). Мае сетку гідраметэаралагічных цэнтраў, станцый і пастоў, якія вядуць і апрацоўваюць назіранні па вызначаных праграмах. У склад гідраметэаралагічнай службы ўваходзяць таксама н.-д. ўстановы, абсерваторыі. Першыя на тэр. Беларусі інструментальныя метэаралаг. назіранні па навуковай методыцы пачаліся ў 1803 (Гродна), першая метэастанцыя была арганізавана ў 1849 (Мінск). На Беларусі гідраметэаралагічная служба створана ў 1930 (з 1924 дзейнічае сетка метэаралагічных і гідралагічных пастоў). З 1991 дзейнічае К-т па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1.1.1996 у складзе гідраметэаралагічнай службы 6 гідраметэаралагічных цэнтраў у абл. гарадах, 33 метэаралагічныя і 8 гідралагічных станцый, 135 гідралагічных пастоў. Гідраметэаралагічная служба Беларусі — член Сусв. метэаралагічнай арг-цыі.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)